БІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія абавязаны сваім паходжаннем жыццядзейнасці існуючых арганізмаў; частка прыроднага асяроддзя. Для эндапаразітаў і некаторых мікраарганізмаў біятычнага асароддзя — унутранае асяроддзе арганізма-гаспадара. Біятычнае асяроддзе праяўляецца ва ўзаемным уплыве арганізмаў розных відаў у самых разнастайных формах. Адны з іх могуць быць асяроддзем існавання для іншых (напр., гаспадар для паразіта), садзейнічаць размнажэнню (напр., насякомыя-апыляльнікі для кветкавых раслін), служыць кормам (напр., ахвяра для драпежніка, травяністыя расліны для капытных), аказваць хім., мех. і інш. ўздзеянне. Гл. Абіятычнае асяроддзе.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)